МІ́НСКАЯ ВЫШЭ́ЙШАЯ ПАРТЫ́ЙНАЯ ШКО́ЛА (МВПШ),
вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі, якая вяла падрыхтоўку і перападрыхтоўку парт., сав. і камсамольскіх кадраў, работнікаў друку, радыё і тэлебачання ў 1956—91. Створана ў Мінску на базе Рэсп. парт. школы пры ЦК КПБ (існавала з 1946, тэрмін навучання 2 гады). Тэрмін навучання ў МВПШ на дзённым аддзяленні 4 гады, на завочным — 5. Прымаліся камуністы з сярэдняй адукацыяй. З 1962 працавала аддзяленне з 2-гадовым тэрмінам навучання, з 1968—3-гадовае завочнае аддзяленне (абодва на базе вышэйшай адукацыі). З 1967 на базе МВПШ працавалі рэсп. курсы (з 1986 факультэт) павышэння кваліфікацыі парт., сав. і ідэалагічных кадраў, у 1982—86 — курсы парт. і дзярж. кадраў для Польскай Нар. Рэспублікі. У 1990/91 навуч. г. ў МВПШ займалася каля 1 тыс. слухачоў, працавала 10 кафедраў, 90 выкладчыкаў. За час існавання МВПШ скончыла каля 10 тыс. чал. У пач. 1991 МВПШ пераўтворана ў Ін-т паліталогіі і сац. кіравання Кампартыі Беларусі, дзейнасць якога спынена ў вер. 1991 у сувязі з прыпыненнем Вярх. Саветам БССР дзейнасці КПСС—КПБ.
М.М.Акімаў.
т. 10, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)